РУ БЕ EN

Дзень беларускага пісьменства

03.09.2023

У Рэспубліцы Беларусь з 1994 года штогод у першую нядзелю верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Гэтае свята традыцыйна праводзіцца ў беларускіх гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Сталіцамі свята станавіліся такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск і г.д. Асноўная ідэя свята - беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, папулярызацыя нацыянальных культурных традыцый, падтрымка беларускай літаратуры і кнігавыдання.

Юбілейны, ХХХ Дзень беларускага пісьменства, прайшоў сёлета ў Гарадку Віцебскай вобласці. Гісторыя Гарадка непарыўна звязана з імем Канстанціна Вераніцына – аўтара аднаго з найвядомых у XIX стагоддзі беларускага твора “Тарас на Парнасе”. Галоўны герой паэмы з'яўляецца асноўнай культурнай славутасцю - брэндам Гарадоцкага раёна. З 1998 года ў Гарадку традыцыйна ў першых чыслах чэрвеня праводзіцца фестываль народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору “Гарадоцкі Парнас”, прысвечаны Канстанціну Вераніцыну.

Сімвалічна, што 30-годдзе свята адзначаецца на Віцебскай зямлі, якая дала асноўны імпульс развіццю беларускага кнігавыдання праз знакавых прадстаўнікоў асветніцкага цэнтра Полацкага манастыра (Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, і інш.).